Шмат стагоддзяў існуе мастацтва вадзянога жывапісу. Змяняліся матэрыялы, удасканальваліся спосабы і прыёмы пісьма, пашыраліся ідэйна-тэматычны дыяпазон і ўтылітарная сфера выкарыстання акварэлі.
У сваёй эвалюцыі яна прайшла шлях ад выкарыстання на папірусавых скрутках старажытнага Егіпту і шырокае распаўсюджванне жывапісу ў выглядзе скруткаў па шоўку і паперы ў старажытным Кітаі, да самастойных твораў станковага выяўленчага мастацтва.
Гісторыя ведае перыяды пасіўных адносін да акварэлі, недаацэнкі вартасці яе выразных магчымасцей. У XVII – XVIII стагоддзях яна была надзвычай папулярнай у Англіі. Менавіта там былі ўпершыню створаны прафесійныя саюзы акварэлістаў. У ХІХ ст. адбываліся актуальныя творчыя пошукі і набывалася свежасць вобразных рашэнняў у вядомых мастакоў Расіі: Ф. Талстога, М. Урубеля, П. Сакалова, І. Рэпіна, К. Сомава і інш.
Мастацкія працэсы ХІХ пач. ХХ стагоддзяў, якія найбольш ярка праяўляліся ў Польшчы і ў культурных цэнтрах Расійскай імперыі, у пэўнай ступені былі характэрны і для Паўночна-Заходняга краю, у склад якога ўваходзіла ў той час тэрыторыя Беларусі.
Адзначым творчасць Ф. Смуглевіча, Ю. Пешкі, Я. Дамеля, Н. Орды.
Аднымі з першых магілёўскіх мастакоў, якіх па праву можна назваць першакласнымі акварэлістамі былі: Геда Канстанцін Мікалаевіч – выхаванец Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства і Пархоменка Фёдар Рыгоравіч, які скончыў Віленскі універсітэт.
“Акварэльны бум” 60-70-х гадоў ХХ ст. уцягнуў у стыхію эксперыментаў з вадзянымі фарбамі многіх таленавітых жывапісцаў, графікаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Творчыя індывідуальнасці многіх з іх ужо ў асноўным склаліся (Ул. Стальмашонак, Г. Паплаўскі, А. Паслядовіч, Г. Вашчанка).
Значны ўздым творчай актыўнасці ў галіне акварэльнага мастацтва праявіўся ў Віцебску, дзе ролю базавай акадэмічнай установы падрыхтоўкі мастакоў выконваў мастацка-графічны факультэт педагагічнага інстытута (зараз Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава).
Яркімі асобамі вылучаюцца Ф. Гумен і І. Сталяроў. Менавіта іх творчыя прынцыпы былі падхоплены і атрымалі развіццё ў творчасці вучняў.
Мой расповед пра Фёдара Стэфанавіча Кісялёва, аднаго з самых выбітных мастакоў не толькі Магілёўшчыны, але і ўсёй Беларусі, юбіляра Года культуры: 15 верасня 2016-га яму споўнілася 70 год. Распавесці пра творчую асобу дапаможа персанальная выстаўка мастака.
Урачыстае адкрыццё выстаўкі паказала шырокі шматгранны талент не толькі як мастака акварэльнага жывапісу, але і як цудоўнага выкладчыка, бо яго вучні сёння з’яўляюцца прызнанымі мастакамі, выкладчыкамі ў установах адукацыі нашай краіны (Антон Вырва, Ганна Кісялёва, Ганна Мельнікава, Раман Коршунаў, Сяргей Акеншын і інш.). Шматгадовая (1988-2015) педагагічная дзейнасць значна пашырае творчы партрэт Ф.С. Кісялёва.
Сам мастак на працягу ўсяго свайго творчага жыцця не здрадзіў акварэлі, дабіваючыся ад гэтага рамяства дасканаласці. Творчы почырк, дзякуючы якому на любой выставе адразу пазнаеш творы Фёдара Стэфанавіча можа многае распавесці і пра асобу мастака, і пра яго эстэтычныя ідэалы. Не гледзячы на тое, што мастак стварае свае творы вельмі хутка і ты назіраеш, як шырокія заліўкі і сакавітыя мазкі заліхвацкі кладуцца на вільготную паперу, бо не раз была сведкам і арганізатарам правядзення майстр-класаў з яго ўдзелам, разумеш, што за гэтай віртуознасцю шматлікая і штоддзённыя работа.
Глыбокае вывучэнне гісторыі Беларусі, вандроўкі не толькі па Магілёўшчыне, але і ў краіны блізкага і далёкага замежжа, пільнае назіранне за прыродай – адсюль вынікае шматграннасць тэм, якія нечакана раскрываюцца ў творчых замалёўках і карцінах.
Незвычайныя па чысціні колеру творы: “Вечар у Радомлі” і “На радзіме В. Быкава”. Абодва напісаны ў 2012 г., у іх адчуваецца ўпэўнены малюнак, згарманізаваная, дасканалая кампазіцыя, глыбокі гістарычны змест.
“Вечар у Радомлі” – твор, напісаны ў мястэчку Радамля Чавускага раёна. У далёкім Х ст. сюды, на левы бераг ракі Радуча прыйшлі радзімічы і заснавалі свой горад-сталіцу Радомля. Сёння, ад моцнага аборончага 4-х вежавага замку засталося гарадзішча, якое ўзвышаецца над раўнінай на 16 метраў, вакол глыбокі і шырокі роў, заросшы хмызам, дрэвамі і высокай травой.
Твор “На радзіме В. Быкава” напісаны падчас удзелу Фёдара Стэфанавіча ў пленэры, які праходзіў у Бычках, на радзіме славутага пісьменніка. Не гледзячы на тое, што мастак бачыў і на сваёй радзіме запусцелыя мясціны, куток Віцебшчыны падобны і адрозны, а мастак вельмі востра і балюча адчувае сваё дачыненне да рэчаіснасці і ў яго ўзнікае пачуццё таго, што вялікі Чалавек стаў яму больш блізкі і родны.
Навуковае апісанне прызначана рабіць складаныя з’явы простымі, яснымі для разумення: мастацтва – насупраць простыя зразумелыя рэчы ператварае ў складаныя сімвалы, шматзначныя і мала паддаваемыя моўнаму тлумачэнню вобразы. У гэтых творах мастака надзея застаецца ў асацыятыўнай прыродзе самаго мыслення, агульнай як для славесных, так і для выяўленчых сімвалаў. Бо словы і вобразы карціны ўвесь час пераходзяць адзін у другі. Цікавая споведзь гісторыі Беларусі ад першабытнага мастацтва да сённяшніх дзён.
Сапраўднаму беларусу, які любіць і шануе сваю гісторыю не складана “пачытаць” творы і пазнаць найбольш старажытныя помнікі архітэктуры, этнаграфікі. “Рагвалодаў камень” (2009) – вялікі валун, Барысаў камень, з высечаным на ім шасціканцовым крыжом і надпісам “…помози господи…”. Ён быў язычніцкім фетышам, а крыж на валуне высечаны паводле загаду полацкага князя Рагвалода Усяславіча. Вытанчаны па жывапісна-пластычнай структуры, ён пабудаваны па асацыятыўнасці пластычных форм жывога і рэчыўнага свету, што дазваляе канцэнтраваць эмацыянальна-станоўчую энергію і несці аптымістычны настрой.
Як працяг расповеду пра гісторыю – трыпціх, прысвечаны юбілейнай даце Грундвальскай бітвы, выкананы мастаком у 2010 годзе: “Навальніца над Мальбургам”, “Грунвальдскае поле”, “Кракаў. Раніца ў Вавелі”.
У сваім дзённіку Ф.С. Кісялёў успамінае, як у кастрычніку 2010 года, ён з таварышамі стаяў каля каменя, на якім зроблены надпіс, што “тут, 8 верасня 1514 года, адбылася знакамітая Аршанская бітва”. Прывяду невялікі урывак з дзённіка, які дасць магчымасць адчуць, які шлях пройдзе мастак, перш чым народзіцца адзін твор, альбо цэлая серыя твораў: “Высокі бераг Дняпра, залацяцца ў промнях кастрычнецкага сонейка зарэчныя лясы. Я толькі што, не так даўно, пабываў у Польшчы, на Грунвальдскім полі. Велічны, манументальны музей, тоўпы турыстаў, чарада аўтобусаў, цэлая індустрыя сувеніраў.
Са мною два маіх таварышы, мастакі і два мясцовых трактарысты, якія і прывялі нас сюды.
Да гэтай мясціны, калісьці, ішоў шлях, перад каменем была невялікая пляцоўка, дзе праводзілі свае фестывальныя зборы барды. І шлях, і пляцоўка няшчадна зруйнаваны моцнымі трактарнымі плугамі.
Хтосьці вельмі не жадае, каб мы сюды прыходзілі. У нас не можа быць сваёй гісторыі, а тым болей баявой. Але яна была і ёсць.
Я ў думках ўяўляю і разгортваюцца перад вачыма на мясцовасці баявыя дзеянні тых далёкіх часоў. Вялікія натоўпы воінаў фарсіруюць Дняпро, ўброд пераходзяць Крапіўку, якая і зараз цячэ побач.Гром конскіх капытоў, лязг зброі вялікага трыццацітысячнага войска нашых ваяўнічых продкаў.
Дзесьці ўдалечыні, на цяпер зелянеючым бясконцым полі, стаіць армія маскоўкага цара, што ў тры разы перавышае войска Канстанціна Астрожскага. Тут жа, толькі сто год таму да гэтай падзеі, саманадзейна назіралі крыжаносцы на Грунвальдскім полі спешнае пастраенне для бітвы войска Вітаўта, загадзя ўпэўненыя ў сваёй перамозе. Але відаць, што гісторыя не навучыла тых і гэтых захопнікаў.
Магчыма тут, дзе мы стаім, разбітая маскоўская раць у паніцы ўвалілася ў Дняпро, спрабуючы знайсці ўратаванне на другім беразе.
На другім канцы сапсаванай пляцоўкі, на ўзгорку, стаіць крыж, як сімвал прымірэння загінутых у гэтым баі, як ахоўнікаў радзімы, так і захопнікаў.
Поле Аршанскай бітвы – мы цябе нарэшце ўбачылі!”
Убачынае і пражытае мастаком пакладзена на паперу алоўкам і акварэльнымі фарбамі.
Значнае месца ў жыцці і творчасці мастака займае серыя твораў, прысвечаная чарнобыльскай трагедыі. На юбілейнай выставе ён прадставіў два творы: “Лёсы” (1996) і “Была вёска Журавель” (2006). “Лёсы” напісана ў год, калі здарылася гэта бяда і ніхто не ведаў, як ліха адаб’ецца на лёсах людзей, як будзе адчуваць сябе наша зямля і таму, ёсць у гэтым творы нейкая насцярожаннасць. Замалёўка “Была вёска Журавель” напісана падчас правядзення міжнароднага пленэра па жывапісу “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, прысвечаным 20-годдзю трагічных падзей чарнобыльскай катастрофы, удзельнікам якога быў Фёдар Стэфанавіч.
Пра падзеі таго часу, зноў чытаем у дзённіку мастака: “Позняя ноч, не спіцца, чытаю эсэ В. Карамазава пра А. Пысіна, паэта нашага Сожскага краю. “Проста ўспомніў цябе…”, так называецца твор пра яго і сярод вялікай колькасці мясцін, звязаных з імем паэта, успамінаецца сяло Журавель.
І я таксама ўспамінаю гэта сяло, тую далёкую , першую мімалётную сустрэчу з ім.
“Як называецца гэта вёска?” – запытаў я ў спатканага мужыка. “Журавель” – адказаў ён, не спыняючыся, і я падумаў, што недачуў і не стаў яго болей турбаваць.
Усё роўна, заўтра, мы з братамі будзем тут, паставім палатку, пра ўсё даведаемся, будзем пісаць эцюды, а зараз галоўнае – я разведаў, знайшоў выдатнае месца для работы.
Якое было расчараванне, калі на шляху ў свой Магілёў з Чэрыкава, сустрэўся са стрыечным братам, які катэгарычна забараніў заставацца з-за радыяцыі.
Ішло лета 1986 года і мы папросту нічога не ведалі пра гэтую страшэнную бяду, якая звалілася на нашы галовы…
Прайшло ўжо 20 год, і я ў 2006 годзе зноў аказаўся ў гэтых мясцінах. Мяне і Мікалая Ліханенку, удзельнікаў пленэра прысвечаннага гэтай трагічнай падзеі, адправілі ў камандзіроўку, збіраць эцюдны матэрыял у мясцінах адселеных вёсак.
Вось тут зноў вынырнула гэта назва і ў мяне з’явілася навязлівая ідэя прайсці шляхам двадцацігадовай даўніны, адшукаць тую вёску.
Першую спробу я зрабіў ад берага князя Абаленскага ў Горцы, аднак хутка заблытаўся ў Сожскай даліне і не змог адалець балоцістую нізіну. Зрабіў малюнак высокага берага, на якім калісьці стаяла вёска – вярнуўся ў Горку, дзе нас ужо чакала райвыканкамаўская машына.
Прайшоў нейкі час і мы з Мікалаем, праз лес, з боку “Варшаўкі”, выходзім на прасторнае поле, дзе ў канцы яго бачны высокія дрэвы былой вёскі, далей, у сінім марыве – зарэчныя лясы і срэбраная палоска Сожа. Якімсьці эпічным размахам дыхала гэта панарама з даўно закінутым, заросшым хмызам полем, з нерэальным для нашага лета карычневым колерам.
Хутка мы ўбачылі некалькі падцёлкаў, якія перастаўшы шчыпаць траву, са здіўленнем, усе разам, уставіліся на нас, а праз некалькі секунд з іх кампаніі з шумам рванулі ў карычневы груд хмызу некалькі касуль, якія ўжо паспелі пасябраваць з цялятамі і мірна пасвіліся разам.
Штосьці таямнічае бачылася ва ўсім гэтым, і, калі ад далёкага лесу аддзяліліся два коннікі – было адчуванне, што мы ўдзельнічаем у якімсьці фільме: бязгучна маўклівыя коннікі, скакалі фантастычным полем і напомнілі нам штосьці з фантазій Ул. Караткевіча.
Але яны аказаліся пастухамі, якія ўжо два дні шукалі гэтых цялят, што заблудзіліся, і нас здзівіла, што ў гэтых радыяцыйных мясцінах яшчэ вядзецца гаспадарка.
Так, была Журавель... пытаюся адрадзіць у памяці што бачыў двадцаць год таму, аднак акрамя цагляных, у траве, фундаментаў, каравых, зморшчаных яблынь, на якіх вісяць яблыкі, адзінокага слупа з бусліным гняздом – не відаць нічога.
І толькі шыкоўная даліна с Сожам нясе якісьці мажор у гэту карціну маркотнага запусцення.
Як без усялякіх літаратурных тлумачэнняў, мовай жывапісу, сімвалічнымі вобразамі пераканаць, зацікавіць гледача?!
“Была вёска Журавель…” – так назваў я адну вялікую акварэль, дзе знайшлося месца і гэтым закінытым яблыням у высокай траве, соснам, буслінаму гнязду, шырокаму раздоллю з Сожам і ўжо потым, у кнізе водгукаў, на сваёй персанальнай выставе, знайшоў запіс, дзе былая жыхарка вёскі Журавель не пашкадавала цёплых слоў пра сваю страчаную маленькую радзіму і сваёй падзякі аўтару гэтай акварэлі.”
Манахромнасцю і лірычным настроем напоўнены творы “Нацюрморт з тэатральным скверам” (2014), “Магілёў. Вячэрняя імша” (2014). Творы пабудаваны на вельмі тонкіх каляровых суадносінах. Адчуваецца глыбіня духоўнасці і вялікай паэтычнасці. Углядаючыся ў гэтыя творы, адчуваеш, як мастак можа ў межах знешне абмежаванай гамы, амаль што аднаго адцення, дабіцца вялікага жывапіснага багацця і тонкасці адценняў і як вынік – глыбокага раскрыцця зместу.
“Самы кароткі дзень” (2014) - назва твора незвычайная, ёсць адчуванне цішыні і спакою, тое ўзвышаннае сумоўе, якое звязана з настроем душы, своеасаблівае сфумато. Мяккасць жывапіснай манеры, плаўнасць танальных пераходаў, размытасць контураў і вынік – імкненне мастака перадаць эфект прасторавай перспектывы.
Прыгожым завяршальным акордам на юбілейнай выставе гучаць нацюрморты – адзін з самых распаўсюджаных жанраў у выяўленчым мастацтве. Аб’ектамі адлюстравання ў ім выступаюць розныя рэчы: расліны, плады, прадметы хатняга ўжытку “Нацюрморт з камінам” (2008), “Кветкі восені” (2009), садовыя і палявыя кветкі. Нацюрморты, якія ўвасабляюць у сабе настрой, эмацыянальны стан чалавека, захоўваюць пэўны патэнцыял пачуццяў.
Юбілейная выстаўка, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння Ф.С. Кісялёва, якая ўтульна месціцца ў выставачнай зале г. Магілёва, уяўляе сабой цікавы расповед пра жыццё і творчасць мастака, сведчыць пра няспынны творчы працэс, цікавасць да гісторыі і адлюстраванне паўсядзённага жыцця.
Здароўя, творчых поспехаў, натхнення, паважаны Фёдар Стэфанавіч!
Мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Святлана Строгіна.